Рэжысёрка і яе каманда

Сонечны лютаўскі дзень. Мінская сярэдняя школа № 170. Нішто ні каля школы, ні ўнутры яе не гаворыць пра тое, што тут адбываецца нешта незвычайнае. Ідуць заняткі, звіняць школьныя званкі, клічучы навучэнцаў на ўрокі ці запрашаючы іх на перапынкі. Звычайны дзень, калі дзеці вучацца, а настаўнікі вучаць і выхоўваюць. І толькі падняўшыся на другі паверх і прайшоўшы па калідоры да самай аддаленай класнай аўдыторыі, заўважаеш нейкую дзіўнаватую «движуху»: то з гэтай самай аўдыторыі вызірне дзяўчына і, прыклаўшы да вуснаў палец, папросіць не шумець гуллівых вучняў у калідоры; то адтуль выйдзе юнак са штатывам і камерай, каб настроіць тэхніку, і зноў вернецца назад… Тут жа снуюць і людзі, падобныя на карэспандэнтаў.

А справа ў тым, што там, за дзвярыма, адбываецца таінства. Там адбываецца цуд. Там здымаецца першая серыя айчыннага гумарыстычнага кіначасопіса для дзяцей. Серыя называецца «Падарунак з сюрпрызам», а кіначасопіс называецца «Бульбаляп». Гэта першы ў гісторыі беларускага кінематографа гумарыстычны кіначасопіс для дзяцей, які здымаюць самі ж дзеці (зразумела, пад кіраўніцтвам дарослых).

Мы ўсе, учарашнія дзеці, выхоўваліся калісьці на савецкім, а потым расійскім «Гармідары». Ужо ў нашых дзяцей будзе выбар — глядзець «Гармідар» або «Бульбаляп». А можа, і адно, і другое. Але ў нас будзе свой «Бульбаляп», і гэта здорава.

У «Бульбаляпа» ёсць свая гісторыя нараджэння, ёсць свая здымачная каманда, ёсць нават свой лагатып. Узначальвае гэтую каманду — яна ж, натуральна, выступае рэжысёрам-пастаноўшчыкам серыяла — кіраўнік дзіцячага тэлеагенцтва «Погляд» пры Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі Ганна Віскушэнка. Аператары — зусім маладыя яшчэ людзі Валянцін Глушко і Аляксандр Скіба.

Дарэчы, Аляксандр яшчэ летась сам займаўся ў тэлеагенцтве Ганны Віскушэнка, а сёння вучыцца на першым курсе факультэта аператарскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Адказныя за мантаж — Алена Курылёнак і Аляксандр Скіба. Прадзюсар і грымёр — Насця Крысталава. Сцэнарысты — Кацярына Некрашэвіч і Валерыя Анкуда. Аўтар лагатыпа — Вікторыя Пакала.

У галоўных ролях у першай серыі зняліся дзеці (Вера Рабая, Аліна Шырунова, Паліна Семіжон, Яна Пасюк), але былі сярод акцёраў і дарослыя. У прыватнасці, рэжысёр, прадзюсар і педагог, дырэктар Мінскай школы кінамастацтва Міхаіл Шпілеўскі (у ролі настаўніка матэматыкі) і журналіст, паэт, галоўны рэдактар альманаха «Гоман літаратурны» Юлія Савіцкая (у ролі камічнай бізнес-вумен, якая разгадоўвае марскіх свінак). Дарэчы, менавіта дзякуючы Юліі Савіцкай асноўныя здымкі першай серыі «Бульбаляпа» прайшлі ў 170-й школе. Вось ужо год, як па яе ініцыятыве тут рэалізоўваецца творчы праект «Душою прычасціцца ад вытокаў» (літаратурна-пазнаваўчыя сустрэчы школьнікаў з людзьмі мастацтва). Якраз у рамках гэтага праекта і праходзілі здымкі «Бульбаляпа» ў сценах школы — яе дырэктар Яўген Пятровіч Гунько такую ініцыятыву цалкам падтрымаў. У якасці групоўкі на ўроку матэматыкі выступіў 6 «А» клас 170-й школы. У эпізадычных ролях зняліся другакласнікі Уладзіслава Мармыль і Саша Голуб. Марскую свінку, якую ў здымачнай камандзе ласкава ахрысцілі Хлояй, прадаставіў для здымак Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Ранак» Маскоўскага раёна сталіцы.
Урок матэматыкі праводзіць Міхаіл Шпілеўскі (Урок математики проводит Михаил Шпилевский)

Пасля здымак я меў магчымасць сустрэцца з рэжысёрам Ганнай Віскушэнка і некаторымі ўдзельнікамі здымачнай каманды кіначасопіса «Бульбаляп». «Безумоўна, наш праект «Бульбаляп» так ці інакш будзе перасякацца з вядомым расійскім «Гармідарам» хоць бы ўжо толькі паводле жанравай прыкметы, бо і ў адным, і ў другім выпадку мы маем справу з дзіцячым гумарыстычным кіначасопісам, — гаворыць Ганна Віскушэнка. — Але трэба разумець, што «Гармідар» — гэта выключна прафесійны камерцыйны праект: хоць там і здымаюцца дзеці, усё астатняе там робяць дарослыя прафесіяналы, там ёсць вялікі бюджэт, напрацаваная гадамі традыцыя і г.д. А мы робім усё сваімі сіламі і ў меру сваіх сціплых магчымасцей. І, мне здаецца, такіх прэцэдэнтаў, каб дзеці самі здымалі кіно, у нас да гэтага не было. Наша мэта — не ў тым, каб пераплюнуць некага ці зрабіць аналаг. Наша мэта — у самарэалізацыі дзяцей, у тым, каб працаваць цэлай камандай, у якой дзеці маглі б праявіць сябе як рэжысёры, сцэнарысты, аператары, мантажоры, грымёры, касцюмеры, акцёры… Я думаю, што гэта ўсё пойдзе толькі на карысць нашаму кінематографу, калі дзеці ўжо з 12–13 гадоў будуць умець рабіць нешта прафесійна«.Дарэчы, дзіцячае тэлевізійнае агенцтва «Погляд», якім кіруе Ганна Віскушэнка, дзейнічае пры Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі з 2013 года. Дзеці тут займаюцца ў дзвюх групах — малодшай (ад 4 да 7 гадоў) і старшай (ад 7 да 18 гадоў). І калі малыя толькі знаёмяцца з тэлевізійным і кінематаграфічным светам, атрымліваюць першапачатковыя веды пра акцёрскае майстэрства і рэжысуру, то старэйшыя ўцягнуты ў сур’ёзныя справы: на прафесійным узроўні вывучаюць тэорыю і практыку тэлебачання, выязджаюць на творчыя вечары і конкурсы, ставяць спектаклі і, безумоўна, здымаюць відэафільмы. Адкрылі нават уласны дзіцячы канал «Погляд» на YouTube. Ёсць у выхаванцаў Ганны Віскушэнка і ўзнагароды за сваю творчасць, напрыклад, дыплом ІІ ступені за відэаролік «ЮНЕСКА вачыма дзяцей» на конкурсе мультымедыйных работ, прымеркаваным да 60-годдзя членства Беларусі ў ЮНЕСКА, у 2014 годзе і дыплом І ступені за відэафільм «Тэорыя 9 абдымкаў» на гарадскім конкурсе дзіцяча-юнацкіх СМІ «Зменім свет да лепшага» ў 2015 годзе.

Што ж тычыцца «Бульбаляпа», то, як заўважае Ганна Віскушэнка, такога не было, каб «студыйцы» разам з ёй сабраліся на гэтакі мазгавы штурм і пачалі разам думаць, што і як здымаць. Проста ў адзін цудоўны момант «поглядаўцы» зразумелі, што здольны на нешта вельмі значнае, такое, чаго да гэтага не было ў іх жыцці. А мілыя, добрыя гісторыі самі прыйшлі з дзяцінства і самой Ганны Аляксандраўны, і яе дзяўчат-выхаванак. Калі зусім коратка сказаць, то многія гумарыстычныя інтрыгі, прынамсі, у першай серыі «Бульбаляпа» «Падарунак з сюрпрызам» круцяцца вакол дысанансу паміж тым, што гаворыць маленькая галоўная гераіня фільма, і тым, як яе ўспрымаюць навакольныя людзі. Гэта дастаткова складаная на ўзроўні псіхалогіі з’ява, звязаная з самім феноменам дзяцінства, дзіцячага мыслення і маўлення. Гумар тут часам ляжыць навідавоку, а іншым разам рэжысёру і акцёрам яго даводзіцца як бы праяўляць з дапамогай тонкіх кінематаграфічных нюансаў.

Наогул, «Бульбаляп» непасрэдна ці ўскосна ўцягнуў у сваю арбіту дастаткова вялікую колькасць людзей, прычым самых розных людзей — пачынаючы, напрыклад, ад дырэктара 170-й сталічнай школы Яўгена Пятровіча Гунько, які прадаставіў памяшканне школы для здымак, і заканчваючы, скажам, 6 «А» класам, у якім дырэктар Мінскай школы кінамастацтва Міхаіл Шпілеўскі, настаўнік матэматыкі ў фільме, праводзіў свой урок. «Вучні 6 «А» класа выступілі ў ролі так званай групоўкі, — тлумачыць Ганна Віскушэнка. — А групоўка — гэта не тое, што масоўка. Калі ў масоўцы людзі нічога асабліва значнага ў акцёрскім плане не робяць, а толькі, так бы мовіць, ствараюць фон, масу, то ў групоўцы кожны атрымлівае нейкае заданне ад рэжысёра. Нехта з 6 «А» класа мусіў уважліва слухаць настаўніка, нехта — наадварот, дурэць, яшчэ нехта — спісваць у суседа заданне і г.д. А гэта ж былі зусім не падрыхтаваныя ў акцёрскім плане дзеці, з імі сапраўды было працаваць нялёгка. Тым больш прыемна было назіраць, як гарэлі іх вочы падчас здымак. І я сапраўды бачыла, што ўсё-такі адкрыла ім нешта новае. Ужо назаўтра са мной звязаліся пяць мам, якія цікавіліся, як можна запісацца ў наша дзіцячае тэлевізійнае агенцтва«.«Мяне заўсёды захапляла ў Ганне Віскушэнка тое, наколькі ўдумліва яна працуе з дзецьмі, наколькі акуратна яна ўмее згладжваць канфлікты, якія непазбежна ўзнікаюць паміж дзецьмі ці ў зносінах дарослых з імі, — уключаецца ў размову выканаўца ролі разводчыцы марскіх свінак журналіст Юлія Савіцкая. — А гэта ж вельмі адказна і складана — працаваць з маленькімі акцёрамі. Немагчыма ж ведаць, што ў іх у галаве ці душы. Але Ганне ўдаецца знайсці падыход да кожнага. Яна быццам урач, які знаходзіць ключык да кожнай жывой клетачкі, сваю асаблівую мікстуру. Таму такіх людзей, як Ганна Аляксандраўна Віскушэнка і як, дарэчы, дырэктар 170-й школы Яўген Пятровіч Гунько, які таксама ўмее радавацца добрым людзям і добрым справам, мне хочацца назваць геніямі міжчалавечых зносін. Здымацца ў „Бульбаляпе“ для мяне было сапраўдным падарункам лёсу». Пра свой камічны персанаж Юлія Савіцкая заўважае: «Я памятаю, як глядзела ў свой час серыял „Мая цудоўная нянька“ з Настассяй Заваратнюк у галоўнай ролі. Сам гэты вобраз жанчыны з яркай і эфектнай знешнасцю, незвычайнай непасрэднасцю, пачуццём гумару і вастрынёй языка, як і тыя недарэчныя сітуацыі, у якія яна трапляла, іскрамётныя дыялогі, заўсёды выклікалі ў мяне ўсмешку і падсвядомае жаданне быць да яе падобнай. І калі Ганна Віскушэнка прапанавала мне сыграць у кіначасопісе „Бульбаляп“ прыблізна такі ж вобраз, я была бязмерна шчаслівая. Я так загарэлася разам з маёй леапардавай сукенкай прымераць і „леапардавы“ характар гераіні. Явельмі хацела дазволіць сабе стаць іншай, няхай і на адзін толькі дзень. Мне было надзвычай цікава паспрабаваць пазнаць сябе іншую, знайсці тое, што я не зведвала ў рэальным жыцці. Гэта, магчыма, як у паэзіі (я ж сама пішу вершы). За кожным выказваннем хаваецца вобраз, метафара. А ў кожнай метафары схавана гульня слоў. У сваім паэтычным свеце ты і акцёр, і творца. Уяўнае нечакана нават для цябе самога становіцца рэальнасцю, а рэальнасць, наадварот, становіцца нейкай мрояй». Тым часам я пытаюся ў Ганны Віскушэнка наўпрост: «Дык а пра што, калі вельмі коратка, ваш кінасерыял? Пра дзяцінства?»

«Я не сказала б, што ён пра дзяцінства, — адказвае рэжысёр. — Хутчэй за ўсё, ён у большай ступені пра тое, што ў жыцці вельмі важны гумар. І што, напрыклад, калі ты трапіў у нейкую дзіўнаватую сітуацыю, яе трэба ўспрымаць з гумарам. Гумар выратоўвае нас, акрыляе, прымушае нас адчуваць сябе жывымі…» «А дзяцінства, — тут жа сур’ёзна задумваецца Ганна Аляксандраўна, — гэта той перыяд, калі закладваецца аснова ўсяго ў чалавеку: яго схільнасці, адчуванні, мары, фобіі… Калі ты ў дзяцінстве меў нейкую мару — яна застанецца з табой на ўсё жыццё. Калі ты моцна спалохаўся нечага — гэты страх будзе з табой на ўсё жыццё. Для мяне асабіста дзяцінства — гэта такі бясконца чароўны свет, у якім адбываецца многа цудаў і многа дзіўных гісторый. І наш кіначасопіс „Бульбаляп“, я думаю, таксама стане гэтакай бясконцай, адначасова чароўнай і рэальнай гісторыяй, бо ўсе сюжэты мы будзем браць з жыцця. Гумар толькі тады гумар, калі ён натуральны, калі ён паходзіць з рэальнага жыцця».

Прашу расказаць Ганну Аляксандраўну якуюсьці камічную гісторыю з рэальнасці. «Ды вось літаральна гэтай ноччу здарылася! Учора вечарам убачыла павука на сцяне. У мяне, дарэчы, з дзяцінства арахнафобія. Калі я была яшчэ зусім маленькай, мы з бацькамі недзе адпачывалі. Там па столі поўзалі павукі. І адзін зваліўся на мяне. З таго часу я іх баюся… Калі ўвечары ўбачыла павука, я папрасіла тату яго забіць ці проста прыбраць некуды. Ён яго крыху прыціснуў і пайшоў спаць. А я праз нейкі час убачыла, што павук не зусім памёр. Зноў вылез на тое ж месца. Я яшчэ больш спалохалася, але бацькоў не стала будзіць. Узяла самае першае, што трапілася пад руку, і шпурнула ў яго. А гэта быў татаў чаравік, ён так і заваліўся некуды. Раніцай, калі я яшчэ спала, тата цэлую гадзіну шукаў той чаравік. Мама ўсё здзіўлялася з яго: „Ну, не мог жа ты ўчора ў адным чаравіку прыйсці дадому! Няхай яшчэ каб зусім без чаравікаў, але каб у адным… Быць такога не можа“. Пасля яны той чаравік знайшлі, але тата з-за гэтага спазніўся на работу», — узгадвае яна.

Я слухаю Ганну Віскушэнка і ўсё ніяк не магу адвязацца ад думкі, што яна сама ў глыбіні душы дзіця. Яшчэ больш у гэтым упэўніваюся, калі яна з настальгіяй пачынае ўспамінаць, як у дзяцінстве ёй нанач тата любіў чытаць казкі і як у самы кульмінацыйны момант засынаў — і ёй даводзілася самой дадумваць канцоўкі. «Тады, мабыць, ува мне і развіліся здольнасці фантазіраваць, якія потым спатрэбіліся ў кіно». Ці калі яна прызнаецца, што яе любімай акрысай з’яўляецца Наталля Арэйра. «Вось нядаўна была ў Піцеры і разам з ёй сфатаграфавалася — спраўдзіла сваю дзіцячую мару». Хіба ж не дзіця? Таму і ўмее так лёгка знайсці кантакт са сваімі выхаванцамі…

Ну, а што рэальныя дзеці, задзейнічаныя ў праекце «Бульбаляп»? Не хацелася ў іх пытацца банальнае «Ці спадабалася вам працаваць над кіначасопісам?». Натуральна, спадабалася.

І тады, напярэдадні Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка я папрасіў іх пажадаць нешта самім сабе. Іншымі словамі, па аналогіі з вядомым кінематаграфічным пытаннем «Чаго хочуць жанчыны?» адказаць на пытанне «Чаго хочуць дзяўчынкі?».

Вось што яны адказалі, і адказы гэтыя красамоўна гавораць самі за сябе.

Валерыя Анкуда, сцэнарыстка (14 гадоў, гімназія № 3): «Я не магу сказаць, што хачу нечага канкрэтнага. Але ў сувязі з тым, што я займаюся ў тэлевізійным агенцтве, мне хацелася б дасягнуць яшчэ нямала мэт, хоць многага, лічу, ужо дасягнула».

Алена Курылёнак, адказная за мантаж (15 гадоў, 111-я мінская сярэдняя школа): «Я, напэўна, хачу, каб у мяне было больш часу, бо часу вельмі мала, ён ляціць вельмі хутка, ты яго не заўважаеш. Яшчэ, магчыма, мне хацелася б вярнуцца ў мінулае, штосьці паправіць там, а штосьці проста пражыць нанова. Хачу, каб было вельмі многа светлых эмоцый, добрых сяброў. Наогул, я стараюся не зацыклівацца на тым, што адбываецца тут і зараз. Азіраюся назад і гляджу наперад. Хачу вельмі многа чаго паспрабаваць. Мне пакуль толькі 15. Час ёсць».

Кацярына Некрашэвіч, рэквізітар (14 гадоў, гімназія № 41): «Я хацела б пажадаць сабе большай упэўненасці, таму што я ўжо зрабіла ў сваім жыцці некаторыя памылкі, звязаныя менавіта з маёй упэўненасцю і самаацэнкай. Я лічу, што кожная жанчына павінна быць упэўненай у сабе, павінна ведаць, што нават калі ёй часам гавораць, быццам яна недастаткова прыгожая ці недадастаткова разумная, на самай справе яна самая прыгожая, самая разумная і самая сапраўдная. Я ў кожным чалавеку бачу нешта прыгожае. Часта хаджу па вуліцы і проста гляджу на людзей і іх усмешкі. Мне здаецца, што прыгожы той чалавек, які ўсміхаецца, а жанчыны ўсміхаюцца значна часцей, чым мужчыны. Чаму так? Жанчыны проста больш мудрыя ў тым плане, што разумеюць: калі яны не будуць дарыць дабро і цяпло ўсяму свету, то больш не будзе каму гэта рабіць. А мужчыны ў любым выпадку павінны быць моцнымі. Я не гавару, што яны не павінны ўсміхацца ці жартаваць. Але яны менавіта моцны пол, калі можна так сказаць, каркас. Калі гэты каркас надзейны, жанчына тады шчаслівая. Жанчына павінна быць шчаслівая ва ўсім, і вакол яе павінны заўсёды быць шчаслівыя людзі».

Вера Рабая, актрыса (12 гадоў, 174-я мінская гімназія): «На 8 Сакавіка я хацела б атрымаць цярплівасць. Цярплівасці не хапае практычна ўсім нам у той ці іншы момант. І, на мой погляд, гэта самае галоўнае ў жыцці — цярплівасць і ўпартасць. Калі ёсць упартасць, павінна паступова выпрацавацца і цярплівасць».

Мікола ЧЭМЕР.

Источник: «Рэй»

На ўроку матэматыкі ў фільме: 6 «А» клас 170-й мінскай школы

На ўроку матэматыкі ў фільме: 6 «А» клас 170-й мінскай школы

Аператар Валянцін Глушко

Аператар Валянцін Глушко

Міхаіл Шпілеўскі, Ганна Віскушэнка, Насця Крысталава (прадзюсар і грымёр)

Міхаіл Шпілеўскі, Ганна Віскушэнка, Насця Крысталава (прадзюсар і грымёр)

Анна Вискушенко (Ганна Віскушэнка)

Ганна Віскушэнка

Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва дзіцячагага тэлевізійнага агенцтва «Погляд».

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.